ФАМ ВАН ДОНГ (Pham Van Dông; 1.6.1906, прав. Куангнам, В’етнам — 29.4.2000),
дзяржаўны дзеяч В’етнама. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. З 1925 чл. Т-ва рэв. моладзі В’етнама, з 1929 чл. яго ЦК. У 1929 арыштаваны франц. ўладамі, у 1930 у турме далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, з 1951 — Партыя працоўных В’етнама, ППВ; з 1976 — Камуніст. партыя В’етнама, КПВ). У 1941—45 удзельнічаў ва ўзбр. антыяп. барацьбе. З 1945 міністр фінансаў Час. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), з 1946 надзвычайны прадстаўнік КПІК у Паўд. В’етнаме. З 1951 чл. Палітбюро ЦК ППВ—КПВ. У 1949—54 нам. прэм’ер-міністра, у 1955—61 міністр замежных спраў ДРВ. З 1956 прэм’ер-міністр ДРВ, пасля аб’яднання краіны (1976) — Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. У 1986 падаў у адстаўку з усіх партыйных, у 1987 — дзярж. пасад.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)